Хрысціна Чарняўская, Медыялабараторыя IBB'2019
Звычайныя людзі
Гісторыі людзей, які называюць сябе інвалідамі, але такімі не лічаць
Нябачныя людзі — хіба так можа быць? У дзяцінстве, чытаючы навукова фантастычны раман англійскага пісьменніка Герберта Уэлса, да дрыжыкаў уяўляла, як гэта быць чалавекам, якога не бачна, якіх спраў атрымаецца нарабіць, калі цябе ніхто не заўважае. Аднак навука пакуль не дайшла да такога вар'яцкага ўзроўню свайго развіцця і ў рэчаіснасці ўсё больш празаічна.
Нябачнымі звыкла называюць тых, каго ў большасці сваёй мы, грамадства, не заўважаем побач у сваёй паўсядзённасці. Людзі як бы ёсць, але на вуліцах іх сустрэнеш рэдка. Да такой супольнасці адносяць людзей з інваліднасцю. Прычын можна шукаць шмат, у вочы адразу кідаецца адсутнасць інфраструктуры, вакол якой ствараецца замкнёнае кола: маўляў, яе няма, бо людзі не выходзяць з дому, а не робяць яны гэтага, бо не маюць інфраструктуры. Можна капаць глыбей і знайсці яшчэ колькі варыянтаў нябачнасці людзей.
Па афіцыйных дадзеных, на 120 тысяч чалавек у полацкім рэгіёне пражывае 4568 людзей з інваліднасцю, з іх 91 чалавек — вазочнік.
Аднак найчасцей мы будуем бар'еры ў галаве, намагаючыся надаць такім супольнасцям пэўныя статусы. Забываючы, што яны звычайныя людзі са сваімі актыўнасцямі, спробамі знайсці і праявіць сябе, людзі, якія маюць мары.
Не замыкацца. Калі інваліднасць зусім не прысуд
У Полацку існуе спартыўная зала для вазочнікаў, дзе яны трэніруюцца фехтаваць. Без лішняй сціпласці Алег Маліноўскі, прызёр чэмпіянату Беларусі па фехтаванні на інвалідных вазках называе яе лепшай у краіне. Кажа, сюды прыязджаюць з Расіі, Германіі, Ізраіля. Тут жа "вырас" залаты медаліст-паралімпіец Андрэй Праневіч.

З улікам гістарычнай і архітэктурнай спадчыны Полацка невялікі дом з чырвонай цэглы ў ваколіцах Сафіі мала чым вылучаецца. Толькі ўважлівы адзначыць, што да ўваходу ў памяшканне вядзе ганак не з прыступкамі, а з пандусам.

Унутры ўсё проста — па правы бок зала для трэніровак; па левы — пакой для адпачынку з "куханькай" і ганаровай сценкай, увешанай медалямі і кубкамі; прама — гардэробная і прыбіральня. Памяшканні падаюцца па-сціпламу невялікімі, пакуль Алег не падымае вонкавыя жалюзі на вокнах і сонечнае святло не разбягаецца па сценах і падлозе. Асабліва ярка становіцца ў трэнажорнай зале, дзе прамяні гулліва камунікуюць з люстраной паверхняй металічнага насцілу падлогі.
Алег бегла праводзіць экскурсію, паказваючы трэнажоры, масажоры і амуніцыя — усё можна мацаць і прымяраць. Бачна, што палова з гэтага спецыяльна набытыя спартыўныя атрыбуты, аднак ёсць рэчы зробленыя сваімі рукамі. Напрыклад, манекен, якому чамусьці далі імя Фёдар. Ёсць тут і самаробны вазок на трэніровачнай платформе.
Гэта самая лепшая зала. Нідзе такой не знойдзеце, — не стамляецца паўтараць Алег.
Вядома, што ў сучасных дзяржаўных спартыўных комплексах можна пабачыць абсталяваныя трэнажорамі і снарадамі залы, але гэта "свая", "наша", зазначае герой: "Трэнер уклаў у яе душу. І ўсё цалкам зрабіў. Толькі хадзі і трэніруйся".

У спорт Алег патрапіў праз знаёмых. Пасля таго, як атрымаў траўму ў 2005 годзе і апынуўся ў вазку, пачаў захапляцца рознымі актыўнасцямі: тэнісам, цяжкой атлетыкай. Але ўсё гэта не ішло, а вось фехтаванне прыйшлося да спадобы, ды так, што ён здолеў атрымаць майстра спорту.
Алег нарадзіўся і вырас у Полацку. Хваліцца, што вельмі добра ведае горад. Але пасля вяселля пераехаў жыць у Наваполацк, адкуль родам яго жонка. Па адчуваннях больш любіць родны горад, маўляў, што той Наваполацк — адна вуліца. Ды й праблем з паветрам хапае ад прадпрыемства "Нафтан".
"Я «зламаўся» ў 30 год і, каб не замыкацца, стаў цікавіцца дзе што праводзіцца, знаёміцца з людзьмі, як я. Прапаноўвалі паехаць у Оршу, Віцебск пагуляць у тэніс, дарц. Але гэта непрафесійныя гульні. Хутчэй аддушына для вазочнікаў, людзей з інваліднасцю, каб яны камунікавалі. Але куды ты з гэтымі відамі спорту выб'ешся..."

Захапляўся Алег стральбой з пнеўматычнай вінтоўкі. Займаў прызавыя месцы і выйграваў медалі, мае званне кандыдата ў майстры спорту. Але ўсё скончылася праз немагчымасць набыць сваю вінтоўку.

Ёсць у яго і хобі — вельмі любіць рыбалку. Думае нават паехаць на спаборніцтвы па спартыўнай лоўлі.

"Хацеў бы прафесійна з'ездзіць парыбачыць на спаборніцтвы. Кажуць, у Мінску праводзяцца. Сярод нават здаровых, мне не трэба, каб была катэгорыя інвалідаў-вазочнікаў. Галоўнае — пад'езды да вады. А ўсё астаняе маю — снасці. Збіраў іх гадамі".
Увесь жа астатні час Алег прысвячае фехтаванню, трэніроўкам і спартыўнаму самаўдасканаленню. Ездзіць з Наваполацка кожны дзень.

Зараз спартыўная зала зусім пустая, усе з'ехалі на зборы і чэмпіянат. На жаль, Алег не дабраў балаў на еўрапейскіх спаборніцтвах, каб адправіцца разам з камандай у Японію і Карэю.
Не выходзіць у мяне сабрацца на спаборніцтвах. Нават трэнер кажа, што ўсё атрымоўваецца добра. А прыязджаю — трасуся, заціскаюся, прысутнічае нейкі страх. І падаецца ж ужо не першы раз, ездзіў шмат куды: у Польшчы быў, у Італіі, у Дубаі. А не магу, ступар надыходзіць.
І гэта пры тым, што такога не было падчас спаборніцтваў па стральбе. Маўляў, ты сядзіш у навушніках сам на сам з думкамі, збіраешся, цябе не турбуюць гледачы. Гатовы, падавай знак суддзі і адстрэльвай свае 60 мішэняў за гадзіну.

У фехтаванні ўсё ж па-іншаму. Гэта толькі вонкава можа падацца: галоўнае як мага больш натыкаць, накалоць свайго суперніка. Знаўцы справы скажуць, што гэта спаборніцтва па выбудаванай стратэгіі, як шахматы са зброяй, з жарсцямі, эмоцыямі і хуткасцю. Дадаецца яшчэ прыстойная вага ад экіпіроўкі, якой закрываюцца цела і твар.
У камандных спаборніцтвах Алег пачувае сябе лепш, хаця адказнасць большая. Індывідуальна ты дзесьці паспяшаўся, прайграў — значыць, не выйшаў ў лідары. А ў камандзе кожны твой рух уплывае на агульны вынік. Паплечнік твой мог набраць высокія балы, а ты не прадумаў, замяўся, заваліў выхад — падставіў усіх, трэнер цябе па галаве за такое не пагладзіць, смяецца герой.

І нягледзячы на гэта, дасягаць атрымоўваецца лепшых вынікаў. Адзінае, на жаль, праз адсутнасць належнага фінансавання камандныя выезды здараюцца рэдка.
Заснавальнікам і трэнерам залы з'яўляецца Сямён Сушчын — трэнер савецкай школы. Калісьці да спаборніцтваў ён рыхтаваў прафесійных спартсменаў. На яго трэнерскую долю прыпала перажыць падзенне і занядбанне гэтага віда спорту падчас перабудовы.

Усё ішло так, пакуль адзін з яго вучняў не патрапіў у аварыю і не апынуўся на вазку. Той сам прыехаў да Сямёна Яфімавіча і прапанаваў дапамагчы яму выступіць у новай ролі ў знаёмай справе. Разам яны змаглі заваяваць срэбны медаль!
Хадзіць займацца ў залу могуць усе — людзі з інваліднасцю і "хадзячыя". Галоўнае — унутраная матывацыя і жаданне. Сумесныя трэніроўкі лепей адбіваюцца на ўзроўні спартсменаў, чым адзіночныя з манекенам Фёдарам ці на платформе вазочніка з вазочнікам.
Мне са здаровым чалавекам… Як гэта сказаць, не тое, каб складаней, больш досведу я атрымоўваю. Бо ён лепей за мяне сыходзіць-выходзіць, здаравей па спіне, вядома. Я так рабіць не магу, але намагаюся і адпаведна трэніруюся.
Разнастайнасць супернікаў на трэніроўках — дапамагае расці і ўдасканальвацца ва ўменнях і спрыце. Аднак ахвотных зараз мала, з жалем зазначае Алег.
Дапамагаюць трэніроўкі і ў паляпшэнні агульнага фізічнага стану. Вядома, у залежнасці ад траўмы, але ў людзей з'яўляецца надзея падняцца з вазка. Ва ўсялякім выпадку, на гэта разлічвае наш герой. Сказаць выйдзе ці не — ніхто не бярэцца. Ён, калі заўпэўніваюць у бессэнсоўнасці, нават не дапускае такой думкі. Але як жа не думаць пра магчымасць, не лавіць яе за хвост, калі відавочны прагрэс. Сёння Алег пасмейваецца над тым, як у 2011 годзе прышоў у залу і не мог пераскочыць з вазка на вазок. І ніхто не мог, запэўнівае Генадзь Пузікаў, трэнер па шаблі.

Бадай, гэта і ёсць запаветная мара Алега, але пра яе асабліва распаўсюджвацца ён не хоча. І таму выбірае для сябе больш відавочнае жаданне.
"Хачу паказаць, што жыццё на вазку — гэта не кірдык поўны. Можна жыць, дабівацца вынікаў і поспехаў ва ўсім: у працы і бізнесе.

Каб у людзей з нейкімі абмежаваннямі з'яўлялася безбар'ернае асяроддзе, каб можна было дасягаць чагосьці".
Заняткаў хапае, ды людзей не знайсці
Поспехі ў фехтаванні — не адзіныя спартыўныя дасягненні для полацкага рэгіёну. Майстра спорту агулам маюць дзевяць чалавек з інваліднасцю: у лёгкай і цяжкой атлетыцы, настольным тэнісе, бегу. Таму сказаць, што людзям няма куды падацца ці чым заняцца — не скажаш.
Да пэўнага моманту ў нас паўсюдна былі адкрытыя дзверы. Вось захацеў Алег [Маліноўскі, — дадатак аўтара] займацца стральбой. Я пазваніў трэнеру, пагутарыў. Ніякіх праблем не было, хадзілі і займаліся. Зараз фінансаванне на набыццё куль скончылася, секцыя закрылася. Хаця людзі хацелі далей займацца, — распавядае Сяргей Буцько, кіраўнік культурна-спартыўнага клуба "Праметэй".
Сяргей Буцько, кіраўнік культурна-спартыўнага клуба "Праметэй", родам з Полацка. Вывучыўся на слесара-рамонтніка. Адслужыў у войску. Працаваў на чыгунцы, у друкарні. У свой час з'ехаў да сваякоў у Расію. Там і атрымаў траўму, вярнуўся дадому "ляжачым". Але здолеў стаць на ногі.

Будучы з інваліднасцю Сяргей пачаў цікавіцца, чым можа сябе заняць. Звяртаўся ў грамадскае аб'яднанне "Беларускае таварыства інвалідаў", філіялы якога ёсць у розных гарадах краіны. Не знайшоўшы для сябе ніякіх актыўнасцяў па інтарэсах, вырашыў стварыць сваё грамадскае аб'яднанне, да якога з часам пачалі далучацца людзі. Сёння культурна-спартыўны клуб "Праметэй" налічвае 50 сябраў. У ім няма абмежаванняў ні па ўзросце, ні па віду інваліднасці.

Але апошнім часам спорт не папулярны ў людзей. Яны аддаюць перавагу камунікацыі online — праз сацыяльныя сеткі. Даступнасць інтэрнэту і тэлефонаў адыграла сваю ролю, калі нават людзі з аслабленым слыхам могуць выдатна стасавацца адзін з адным праз мэсэнджэры і відэасувязь. І не сказаць, што гэта дрэнны варыянт. Беларусь жа вырашыла стаць IT-краінай. Для сувязі адкрыты ўвесь свет, аднак бачнасці людзям з інваліднасцю, на думку Сяргея, такі сцэнар дакладна не надае.

"Памятаю, калі ўпершыню адкрывалі валейбольную секцыю, фарміравалі дзве, а то і тры каманды. Зараз цяжка набраць поўныя хаця б дзве".

Сталі "асядаць" людзі і ў імкненні зарабіць грошы, знайсці сабе прыбытковыя заняткі. У якасці прыкладу Сяргей распавядае пра майстра спорту па цяжкой атлетыцы, які за горадам пабудаваў дом і завёў гаспадарку — жыве з натуральнай прадукцыі, прадаючы гусей ды трусоў. Не сказаць, што на гэтым можна шмат зарабіць. Але чалавек знайшоў сябе. Іншыя працуюць на суседнія краіны праз інтэрнэт, асвойваючы сучасныя тэхналогіі і штучны інтэлект. Але такіх няшмат, адзінкі...

"Тут здароваму чалавеку складана ўладкавацца, каб шмат зарабляць, не кажучы ўжо пра тых, хто з інваліднасцю. Раней у горадзе існавалі тры арганізацыі, скіраваныя на працу з людзьмі з інваліднасцю. Зараз засталіся дзве.

Ёсць тыя, хто атрымоўвае субсідыі на адкрыццё сваёй справы. Ёсць хлопец, які вырабляе нажы, іншы — вяжа венікі
".
У спорце ж важна паказваць вынікі і тады чалавек можа патрапіць у паралімпійскую каманду. Бо канкурэнцыя малая, спартсменаў, якія б прафесійна займаліся, не хапае, а зацікаўленасць ёсць, у тым ліку грашовая. Заробкі немалыя.

Ну і калі нават не патрапіць чалавек на міжнародны ўзровень, то паездкі на абласныя, рэспубліканскія спаборніцтвы — магчымасць патусавацца ў спартыўным асяроддзі, пакамунікаваць з «зоркамі».
Вынікаў, як сцвярджае Сяргей, людзям з інваліднасцю ўдаецца дабівацца нашмат хутчэй, чым здароваму чалавеку: на міжнародны ўзровень удаецца выйсці за 3-4 гады пастаянных інтэнсіўных трэніровак і ўдзелу ў спаборніцтвах. Здароваму чалавеку такія поспехі даюцца праз 10-15 год.
Месца з асаблівай патрэбы
Каб развіць кам'юніці, клуб плануе стварыць пад Полацкам публічнае месца для адпачынку — пляж на возеры Ропна, што за 10 кіламетраў ад цэнтра горада. Нягледзячы на тое, што вадаёмаў вакол горада шмат, ды й сам Полацк стаіць на рацэ, добраўпарадкаваных месцаў для людзей з інваліднасцю не існуе.
Па праектнай задуме добраўпарадкуецца існуючы пляж: з'явіцца драўляны насціл і пандус, што дазволіць вазочнікам з'язджаць да вады, кабінка для распранання. Месца будзе адкрытым, прыстасаваным для ўсіх. На думку Сяргея, праект дазволіць выцягваць людзей з інваліднасцю з дому, арганізоўваць для іх культурніцкі адпачынак, а таксама дапаможа ў камунікацыі з іншымі людзьмі.

Падобныя праекты рэалізаваныя ў некалькіх гарадах Расіі, адкуль Сяргей і падхапіў ідэю.

Першыя крокі да мэты ўжо зробленыя: атрыманыя дазволы і вядзецца распрацоўка каштарысу праекта. Знайсці ж грошы на рэалізацыю кіраўнік клуба разлічвае праз грант, што цалкам магчыма, запэўнівае ён.
У будучым Сяргей спадзяецца, што з'явяцца ахвочыя да яшчэ аднаго віду паралімпійскага спорту — боча. Гэта адаптыўная гульня для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарата. Неабходны інвентар клуб ужо набыў, спрабуе нават спаборніцтвы ладзіць.

"Для многіх гэта можа стаць выдатным стартам кар'еры. Для трэніроўкі падыходзіць любая спартыўная зала, нічога складанага не трэба. А іх у нас хапае".

Што ж тычыцца ўласнай мары, то пра яе Сяргей кажа надзіва сціпла.